20 студзеня 2015 года першы ў Рэспубліцы Беларусь Цэнтр лацінаамерыканскіх даследаванняў адкрыўся пры факультэце міжнародных бізнес-камунікацый БДЭУ ў прысутнасці кіраўнікоў і прадстаўнікоў дыпламатычных місій Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла; Рэспублікі Куба, Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія; Рэспублікі Эквадор, Ганаровых консулаў Уругвая, Эквадора, прадстаўнікоў устаноў і арганізацый, якія аказалі спонсарскую дапамогу, прадстаўнікоў міністэрстваў адукацыі і замежных спраў, кіраўнікоў і выкладчыкаў універсітэтаў г. Мінска, настаўнікаў сярэдніх школ. Гэтая падзея шырока асвятлялася ў сродках масавай інфармацыі.
http://ont.by/news/our_news/v-bgey-otkrilsya-pervij-naychno-prakticheskij-centr-latinoamerikanskih-issl
Падобныя цэнтры функцыянуюць ва ўніверсітэтах розных краін свету, напрыклад, у ЗША, Кітаі, Францыі, Канадзе, Іспаніі.
З 33 дзяржаў Лацінскай Амерыкі ў цяперашні час Рэспубліка Беларусь падтрымлівае дыпламатычныя адносіны з 31дзяржавай.
Беларусь мае пасольствы ў Аргенціне, Бразіліі, Венесуэле, Кубе і Эквадоры, а таксама ганаровыя консульствы ў Бразіліі, Дамініканскай Рэспубліцы, Нікарагуа і Эквадоры. Няўхільна пашыраецца спіс лацінаамерыканскіх дзяржаў, у якіх кіраўнікі беларускіх дыпламатычных місій акрэдытаваныя па сумяшчальніцтве.
У Беларусі дзейнічаюць пасольствы Бразіліі, Венесуэлы і Кубы, ганаровыя консульствы Дамініканскай Рэспублікі, Нікарагуа, Перу, Уругвая і Эквадора. Дыпламатычныя місіі шэрагу лацінаамерыканскіх дзяржаў акрэдытаваныя ў Беларусі па сумяшчальніцтве. У красавіку 2013 года паслы Мексікі, Перу, Чылі і Гватэмалы былі акрэдытаваныя ў Беларусі па сумяшчальніцтве (з рэзідэнцыяй у г. Маскве, Расія).
Умацоўваецца стратэгічнае партнёрства Беларусі і Венесуэлы. У цяперашні час сумесна рэалізуюцца праекты ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і іншых галінах.
Паглыбленне міждзяржаўнага ўзаемадзеяння з Бразіліяй і Кубай таксама адпавядае стратэгічным інтарэсам нашай дзяржавы. Гэтыя краіны традыцыйна з’яўляюцца важнымі гандлёвымі партнёрамі Беларусі ў лацінаамерыканскім рэгіёне.
Пашыраецца разнапланавае супрацоўніцтва Беларусі з Эквадорам, Нікарагуа, Балівіяй, Калумбіяй і шэрагам іншых краін лацінаамерыканскага рэгіёну.
Набірае абароты працэс дыверсіфікацыі беларускага экспарту ў рэгіён, выхад і замацаванне на мясцовых рынках сучаснай прадукцыі МТЗ, БелАЗа, МАЗа, «Гомсельмаша», «Белшыны», «Нафтана», «Паліміра» і іншых прадпрыемстваў-экспарцёраў. У стадыі распрацоўкі знаходзяцца праекты стварэння зборачных вытворчасцей сучаснай беларускай тэхнікі.
Работа па асваенні лацінаамерыканскіх рынкаў патрабуе сур’ёзных матэрыяльных і інтэлектуальных рэсурсаў, таму наспела неабходнасць мэтанакіраванай падрыхтоўкі разнапланавых спецыялістаў у сферы ўмацавання партнёрства з дзяржавамі Лацінскай Амерыкі. У сувязі з гэтым на базе БДЭУ пры факультэце міжнародных бізнес-камунікацый было вырашана стварыць навукова-практычны Цэнтр лацінаамерыканскіх даследаванняў.
Дагавор аб намерах па стварэнні Цэнтра лацінаамерыканскіх даследаванняў быў падпісаны 21 сакавіка 2014 года, з аднаго боку, спадаром Амерыка Дыяс Нуньес, Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэлы ў Рэспубліцы Беларусь і, з другога, прафесарам У.М. Шымавым, рэктарам БДЭУ.
Дзейнасць гэтага цэнтра ўключае такія напрамкі, як эканоміка, культура, гісторыя, геаграфія, літаратура, педагогіка, мастацтва, экалогія, палітыка, права, сацыялогія, камунікацыя, міжнародныя адносіны і іншыя. Цэнтр дае магчымасць выкладчыкам, студэнтам і любой зацікаўленай асобе атрымліваць дакладную інфармацыю пра краіны Лацінскай Амерыкі, а таксама весці дэбаты на розныя тэмы з замежнымі спецыялістамі-экспертамі. Акрамя таго, стварэнне Цэнтра лацінаамерыканскіх даследаванняў прадугледжвае актыўнае ўзаемадзеянне ўніверсітэтаў і іншых устаноў, удзельнікаў беларуска-лацінаамерыканскіх праектаў, праз вывучэнне праблем лацінаамерыканскага рэгіёну, правядзенне навуковых даследаванняў, абмеркаванняў, навучанне спецыялістаў і распаўсюджванне ведаў пра Лацінскую Амерыку пры падтрымцы ўрадавых органаў, дыпламатычных і культурных прадстаўніцтваў краін Лацінскай Амерыкі, акрэдытаваных у Рэспубліцы Беларусь.
У стварэнні Цэнтра лацінаамерыканскіх даследаванняў прынялі ўдзел прадстаўнікі дыпламатычных місій Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла, Рэспублікі Куба, ганаровыя консульствы Рэспублікі Эквадор, Перу і Уругвая.
Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт дзякуе спонсарам, якія аказалі садзейнічанне ў стварэнні Цэнтра лацінаамерыканскіх даследаванняў: ЗАТ «Белзамежбуд», ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў», ЗАТ «Гарызонт-Белінвест-Дэвелапер», ААТ «АСБ Беларусбанк».